ГАРАЎЛЯ́НСКІЯ СКА́РБЫ.

Знойдзены ў 1965 два скарбы (кожны ў гліняным гаршку) на паселішчы каля в. Гараўляны Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Схаваны ў сярэдзіне 11 ст. Адзін скарб складаўся з фрагментаў сярэбраных ювелірных вырабаў (кавалкі дроту, загатоўкі для пласціністага бранзалета, спражка), шыфернага прасліца, 220 дырхемаў Арабскага халіфата, 185 дэнарыяў Англіі, Германіі, Францыі, Чэхіі. У другім былі цэлыя і фрагментаваныя сярэбраныя ювелірныя вырабы (бранзалеты, пярсцёнак, загатоўкі ўпрыгожанняў), шкляныя залачоныя пацеркі, 15 манет-перайманняў куфіцкіх дырхемаў у выглядзе брактэатаў з вушкамі для падвешвання, 134 пераважна фрагментаваныя дырхемы Арабскага халіфата, дэнарый Чэхіі. Скарбы, магчыма, былі сыравіннымі запасамі ювеліраў.

Да арт. Гараўлянскія скарбы (другі скарб).

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)